ЗАСЛАЎСКІ АЛЬБОМ
да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях
45-я персанальная выстава В. Белякова
Увага! Выстава дэманструецца ў Заслаўскай гарадской бібліятэцы па адрасе вул. Студзянецкая, 4, г. Заслаўе.
Васіль Белякоў родам з Усходняй Сібіры, скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ваенную акадэмію, падпалкоўнік запасу. Жыве ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. З’яўляецца членам творчага саюза фатографаў Беларусі, членам Беларускага саюза дызайнераў. Актыўнай выставачнай дзейнасцю займаецца з 2009 года.
Дзясяткі тысяч кіламетраў пераадолеў фатограф у пошуках цікавых тэм, пабываў са сваёй фотакамерай у самых розных кутках Беларусі. Васіль мае свой асаблівы погляд на навакольны свет, імкнецца разглядзець прыроду рэчаў, адлюстраваць яе ў сваіх працах. Ён прынцыпова не выкарыстоўвае кампутарную апрацоўку фатаграфій, а першапачаткова знаходзіць патрэбны ракурс, для стварэння кадра, можа падоўгу чакаць неабходнага натуральнага асвятлення. Гармонія архітэктуры і прыроды – вось выразна выяўленая думка кожнага здымка.
Верным свайму стылю застаўся Васіль Белякоў і пры стварэнні “Заслаўскага альбома”. У фокусе яго аб’ектыва – архітэктурныя помнікі Заслаўя, захаваныя ў розныя поры года. Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор (Кальвінскі збор) і Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – галоўныя аб'екты, на якіх Васіль акцэнтуе ўвагу. Без малога два гады збіраў фатограф матэрыял, і вось у кадры – гісторыя горада, гісторыя хрысціянства.