Выстаўка «Мой Мінск – маё натхненне»


9 верасня 2021 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачне працаваць выстаўка «Мой Мінск – маё натхненне», прысвечаная Дню горада–2021. Праект арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя, графічныя і скульптурныя творы з фондаў Музея гісторыі горада Мінска і Беларускага саюза мастакоў. Многія з іх доўгі час не экспанаваліся і стануць сапраўдным адкрыццём для аматараў гарадскога пейзажу.

Храналагічны дыяпазон прадстаўленых работ ахоплівае сярэдзіну ХХ – пачатак ХХІ стст. Сярод аўтараў выстаўкі – прызнаныя майстры мінскіх краявідаў: жывапісцы Барыс Аракчэеў, Віктар Варламаў, Віктар Вярсоцкі, Абрам Кроль, Васіль Сумараў, і іншыя.

Мінск прадстае ў розных іпастасях, розных настроях, розных порах году, розных гістарычных перыядах. У экспазіцыі можна вылучыць некалькі галоўных накірункаў у адлюстраванні вобраза горада. Сярод іх вядучае месца належыць гарадскому пейзажу, які сёння набыў характар гістарычнага. Вуліцы горада 1950–1960-х гг. незваротна змянілі сваё аблічча, асабліва яскрава гэта можна прасачыць у работах В. Варламава, А. Кроля, В. Мудрогіна, З. Шкляра, А. Пятрухны, В. Кубарава. Старыя кварталы Нямігі, Траецкага прадмесця, драўляная забудова ў творах мастакоў захоўваюць атмасферу старога Мінска.

Кантрастна выглядаюць работы 1970–1980-х гг., дзе горад прадстае ў вобразе савецкай сталіцы з шырокімі вуліцамі, неакласічнай архітэктурай, новабудоўлямі. У работах В. Сумарава ўвага пераносіцца з гістарычнага цэнтра на новыя мікрараёны – Трактаразаводскі пасёлак і Лошыцу. Тэма гарадскіх святаў працягвае традыцыі сацрэалізма ў творах А. Кокцева.

Тэма ўшанавання памяці ахвяр вайны традыцыйна паказана праз знакавыя помнікі Мінска, дзе найбольш улюбёным аб’ектам для мастакоў выступае плошча Перамогі. Цікава параўнаць як па-рознаму выглядае абеліск у творах 1950-х і 1980-х гг.

Прадстаўлены і творы нашых сучаснікаў В. Зянько, Г. Отчыка, У. Слабодчыкава, М. Пятруля, Р. Сітніцы, В. Пяшкуна, А. Кузняцова. Мастакі XXI ст. не толькі надаюць увагу гістарычнаму краявіду, але і адлюстроўваюць сучасны воблік сталіцы.

Уваходны білет на выстаўку надае права наведвання экспазіцыі «Мода. Музыка. Молодость» аб захапленнях мінчан у 1950–1980-я гг. Для знаёмства з выставай кожнаму жадаючаму прапаноўваецца прайсці займальны квэст.

Кошт білетаў:
5 руб. – дарослыя;
4 руб. – студэнты, пенсіянеры;
2,5 руб. – школьнікі.

Час працы: серада – нядзеля, 11.00 – 19.00

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
пл. Свабоды, 15 (станцыя метро «Няміга»)
+375 17 270 43 66

790