Любанскі музей народнай славы запрашае на выставу “Маляваныя сны Паўла Марціновіча”, якая працуе ў будынку па вуліцы Леніна, 17. У экспазіцыі прадстаўлены самабытныя жывапісныя работы самадзейнага мастака П. Я. Марціновіча.
Павел Яўхімавіч Марціновіч (1911-1980) нарадзіўся ў вёсцы Засмужжа Любанскага раёна. Быў звычайным вясковым жыхаром. Маляваць дываны пачаў яшчэ ў 1930-я гады, але найбольш запатрабаванымі яго работы сталі ў пасляваенны час, калі людзі ўзнаўлялі разбураныя хаты, прагнулі ўтульнасці і прыгажосці, марылі аб светлай будучыні. “Маляваныя каўры”- менавіта так найчасцей называюць гэтыя палотны вяскоўцы – сталі прадметам гонару і сімвалам раскошы таго часу.
Сёння вядома больш трыццаці “маляванак” Паўла Яўхімавіча на пяць сюжэтаў у розных варыянтах. Кожны новы дыван не копія папярэдніх, а новае перажыванне на вядомую тэму, повад для імправізацыі. На сваіх работах мастак стварыў уласны фантастычны свет, у якім усе дзеянні адбываюцца ў адной прасторы і цесна звязаны паміж сабой.
Самабытная творчасць Паўла Марціновіча - яркая старонка ў традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі. Ёсць надзея, што хутка стануць вядомы і іншыя работы таленавітага прадстаўніка беларускага інсітнага мастацтва.