Запрашаем на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”


21 студзеня ў 19.00 запрашаем на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”, падрыхтаванае сумесна з Літаратурным тэатрам “Слова” пад кіраўніцтвам Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай.

У 2021 годзе спаўняецца 130-год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які, пражыўшы ўсяго 25 гадоў, пакінуў нам багатую паэтычную спадчыну. У сваёй кнізе эсэ “Мой трыглаў” літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша ў адзін рад заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам ставіць імя Максіма Багдановіча.

Сёння творы М.Багдановіча набываюць новае, надзвычай актуальнае гучанне. У выкананні ўладальніцы медаля Францыска Скарыны, майстра мастацкага слова Зінаіды Феакціставай-Каладзяжнай і спецыяльнага прызёра фестывалю “Неўскія купалы”, аўтара і выканаўцы Алены Маслоўскай прагучаць творы Максіма Багдановіча, а таксама паэтычныя і музычныя рэфлексіі Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Алега Лойкі, Яўгена Глебава, Ігара Паліводы, Уладзіміра Мулявіна. Падчас мерапрыемства артысты выканаюць жанравыя беларускія народныя песні (матуліны песні).

Адрас: вул. М.Багдановіча, 13
Кошт: 8 руб.
Тэлефон для даведак і заказа квіткоў: +375(17) 395-44-47, +375(44) 707-10-76 (А1).

204