Выстаўка „Уладарства холаду вяліка“


Выстаўка „Уладарства холаду вяліка“: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі „Уладарства холаду вяліка“: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча, якое адбудзецца а 16-й гадзіне 26 студзеня. Якуб Колас — адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Больш за тое, класік беларускай літаратуры Якуб Колас выдатны мастак слова, які вельмі тонка і пранікнёна апісвае беларускія краявіды, а яго прыродаапісальная лірыка не можа не кранаць. Кожная пара года ў творчасці Якуба Коласа вельмі хораша і рэалістычна перададзена чытачам рознага ўзросту. Зімовы час у творчасці Якуба Коласа выступае як вясёлая пара для дзяцей, адметная сваімі надзвычай прыгожымі малюнкамі і з’явамі, што ствараюць непаўторную атмасферу:

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі…

Вельмі яскрава зімовая пара перададзена Якубам Коласам і ў выдатнай паэме „Новая зямля“, радкі з якой далі назву часовай экспазіцыі. Цэлыя главы паэмы апісваюць не толькі прыгожыя зімовыя краявіды, але і святочны калядны час і настрой. У паэме яскрава перададзены рэалістычныя вобразы зімовай прыроды, што ствараюць адчуванне навакольнай прыгажосці і святочнасці:

Мароз – паважны.
Як вяльможа,
Знасіць свавольніцтва не можа,
І на той час, як ён пануе.
Па небе хмарка не вандруе,
І ўсе стварэнні занямеюць,
І патыхаць вятры не смеюць.
Ўсё ціха, мёртва, нерухома.

Не менш маляўніча і выдатна перадае радкі Якуба Коласа, што апісваюць зімовыя краявіды, у графічных работах Васіль Шаранговіч. Яго мастацкія працы тонка перадаюць апісанне прыроды беларускага класіка і ствараюць рэалістычныя зімовыя карціны, што моцна прывабліваюць сваёй вобразнасцю. Сімвалічна, што Васіль Шаранговіч нарадзіўся зімовай парою, 14 студзеня. Менавіта сёлета спаўняецца 82 гады з часу нараджэння вядомага беларускага графіка і педагога. Яго творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі. Ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа „Новая зямля“ з’яўляюцца адным з лепшых прыкладаў яго мастацкага таленту. Народны паэт і народны мастак яскрава перадаюць непаўторную зімовую прыгажосць, хараство зімовай пары ў сваёй творчасці, якую можна будзе ўбачыць на часовай экспазіцыі „Уладарства холаду вяліка“.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 270-17-02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

543