Часовая выстава «Заслаўскі альбом»


ЗАСЛАЎСКІ АЛЬБОМ

да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях

45-я персанальная выстава В. Белякова

Увага! Выстава дэманструецца ў Заслаўскай гарадской бібліятэцы па адрасе вул. Студзянецкая, 4, г. Заслаўе.

Васіль Белякоў родам з Усходняй Сібіры, скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ваенную акадэмію, падпалкоўнік запасу. Жыве ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. З’яўляецца членам творчага саюза фатографаў Беларусі, членам Беларускага саюза дызайнераў. Актыўнай выставачнай дзейнасцю займаецца з 2009 года.

Дзясяткі тысяч кіламетраў пераадолеў фатограф у пошуках цікавых тэм, пабываў са сваёй фотакамерай у самых розных кутках Беларусі. Васіль мае свой асаблівы погляд на навакольны свет, імкнецца разглядзець прыроду рэчаў, адлюстраваць яе ў сваіх працах. Ён прынцыпова не выкарыстоўвае кампутарную апрацоўку фатаграфій, а першапачаткова знаходзіць патрэбны ракурс, для стварэння кадра, можа падоўгу чакаць неабходнага натуральнага асвятлення. Гармонія архітэктуры і прыроды вось выразна выяўленая думка кожнага здымка.

Верным свайму стылю застаўся Васіль Белякоў і пры стварэнні “Заслаўскага альбома”. У фокусе яго аб’ектыва архітэктурныя помнікі Заслаўя, захаваныя ў розныя поры года. Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор (Кальвінскі збор) і Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі галоўныя аб'екты, на якіх Васіль акцэнтуе ўвагу. Без малога два гады збіраў фатограф матэрыял, і вось у кадры гісторыя горада, гісторыя хрысціянства.

336